Літаратура

На галоўную
Некрашэвіч Сьцяпан, Байкоў Мікола. Расійска-беларускі слоўнік
zoom Павялічыць малюнак

Некрашэвіч Сьцяпан, Байкоў Мікола. Расійска-беларускі слоўнік

20,00 p.
Колькасьць: 

Выданьне трэцяе, папраўленае / Рэдактура Валер Булгакаў, прадмова Сяргея Запрудскага. — Смаленск: Інбелкульт, 2014. — 704 с. Цьвёрдая вокладка.


ISBN 978-5-00076-013-0



Друкуецца паводле: Расійска-беларускі слоўнік / Укладальнікі: М. Байкоў, С. Некрашэвіч. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1928.

Гэтая кніга ўяўляе зь сябе перавыданьне найлепшага і найпаўнейшага расійска-беларускага слоўніка міжваеннага часу, першае выданьне якога зьявілася ў 1928 годзе. Слоўнік уключае больш за 60 тысяч слоў і быў створаны паводле выбаркі лексікі са “Словаря белорусского на речия” I. Насовіча, “Смоленского областного словаря” У. Дабравольскага, “Беларуска-польска-рускага слоўніка” Я. Ціхінскага, “Віцебскага краёвага слоўніка”, “Практычнага вайсковага слоўніка”, рукапісных слоўнікаў П. Шпілеўскага i С. Мядзьведзкага, а таксама з выбраных літаратурных твораў і народнай мовы. Аўтары імкнуліся ўхіляцца ад штучных наватвораў перавагу аддавалі словам, якія існуюць у народнай і літаратурнай мове.

 

ЗЬМЕСТ:

Прадмова Сяргея Запрудзкага

Ад карэктара

Ад аўтараў

Сьпіс скарачэньняў у расійскім тэксьце

Сьпіс скарачэньняў у беларускім тэксьце
А
Б
В
Г
Д
Е
Ж
З
И
Й
К
Л
М
Н
О
П
Р
С
Т
У
Ф
Х
Ц
Ч
Ш
Щ
Э
Ю
Я

 

ПРАДМОВА:

У ХХ стагоддзі беларуская лексікаграфія развівалася складаным, пакручастым чынам. Несумненна, усе перакладныя, з удзелам беларускай мовы, слоўнікі былі накіраваны на тое, каб як мага лепш паказаць лексічныя рэсурсы беларускай мовы (выключэнне складае хіба руска-беларускі слоўнік 1937 года пад рэдакцыяй Андрэя Александровіча). Напэўна, усе беларускія перакладныя слоўнікі тым ці іншым спосабам падобныя міжсобку, бо апісваюць адзін і той жа аб’ект — беларускую мову. Відавочна, і метады прадстаўлення лексікі ў слоўніках у значнай ступені аднолькавыя, што дазваляе канстатаваць пэўную бесперапыннасць лексікаграфічнага працэсу на працягу ХХ стагоддзя — ад сямімоўнага ляйпцыгскага слоўніка 1918 года да апошніх акадэмічных выданняў руска-беларускіх і беларуска-рускіх слоўнікаў.

І тым не менш усе слоўнікі мінулага стагоддзя маюць выразныя прыкметы часу, у якім яны былі створаны, а таксама нясуць на сабе адбітак людзей, асобаў, якія займаліся лексікаграфічнай практыкай. Не складае тут выключэння і «Расійска-беларускі слоўнік» Сцяпана Некрашэвіча і Міколы Байкова, надрукаваны ў Мінску ў 1928 годзе (а падрыхтаваны ў значнай меры яшчэ ў першай палове 1920-х гадоў). Капрызная дама, муза Кліо, распарадзілася так, што падрыхтаваны з пэўнай доляй паспешлівасці слоўнік не толькі знайшоў сваё пачэснае месца ў гісторыі беларускай лінгвістыкі, але і выклікае жывую цікавасць праз 80 гадоў пасля яго выдання — настолькі, што ўзнікла патрэба ў яго перавыданні сёння. Што ж спрыяла такому лёсу гэтай лексікаграфічнай працы?

Слоўнік быў створаны двума кваліфікаванымі чалавекамі — «спрадвечным» носьбітам беларускай мовы, выпускніком Віленскага настаўніцкага інстытута Сцяпанам Некрашэвічам і выпускніком Маскоўскай духоўнай акадэміі, «новым беларускамоўным» Міколам Байковым (народжаны ў Цвярской губерні, Байкоў трапіў у Беларусь на 24-м годзе жыцця) — у час, калі попыт на лексікаграфічную прадукцыю быў вельмі вялікі. Ключавое слова другой паловы 1920-х гадоў — «беларусізацыя» — неадменна патрабавала руска- (расійска-) беларускіх слоўнікаў, якімі магла б карыстацца шырокая публіка пры складанні справаводчых папер, у працэсе выкладання, пры напісанні навуковых прац, журналісцкіх і мастацкіх твораў, у вытворчым працэсе. Увогуле, акурат на працягу 1920-х гадоў кола спажыўцоу беларускай літаратурнай мовы выйшла па-за рамкі даволі вузкага слою культурніцкіх дзеячаў і чытачоў газеты «Наша ніва». Літаратурная мова ў гэты час стала здабыткам шырокіх народных масаў, стала актыўна «ўбіраць» у сябе людзей, якія раней да яе мелі хутчэй вельмі ўскоснае дачыненне (або і не мелі ніякага), адначасова літаратурная мова радыкальна пашырыла свой лексічны склад. Увогуле, толькі напрыканцы 1920-х гадоў стала ўзнікаць разуменне, што можна не проста гаварыць на беларускай мове, але і гаварыць «правільна», «нарматыўна», з выкарыстаннем яе багацця і з захаваннем пэўных нормаў, якія паступова пачыналі рабіцца агульнапрынятымі. І ў гэтым сэнсе слоўнік, падрыхтаваны з апорай на ствараную з пачатку 1920-х гадоў у Інбелкульце картатэку, аказаўся своечасовым і запатрабаваным — у ім непазбежна былі ўлічаны ўсе вымогі свайго часу адносна патрэбаў як тагачасных карыстальнікаў беларускай мовай, так і самой беларускай мовы. Асаблівую каштоўнасць слоўніку надае тая акалічнасць, што ў падборы эквівалентаў да расійскіх слоў аўтары не імкнуліся даваць толькі «адназначныя», строгія, «кананічныя» адпаведнікі, але і шырока прадстаўлялі сінанімічны і стылістычны спектр. З аднаго боку, такі падыход ствараў пэўныя праблемы (асабліва для людзей, якія кепска ведалі беларускую мову), калі ўзнікала патрэба выбіраць з шэрагу адпаведнікаў адзін; з другога, такая практыка была абумоўлена станам тагачаснай лексікаграфіі, фіксаванне «нарматыўнасці» таго або іншага слова для якой было важным, але не адзіным момантам. У гэты час яшчэ пільнай заставалася праблема агляду наяўных лексічных рэсурсаў беларускай мовы, выяўленне іх багацця — і слоўнік С. Некрашэвіча і М. Байкова ў поўнай меры задавальняў гэту вымогу.

Перавыданне дадзенага слоўніка ў ХХІ стагоддзі мае сэнс таму, што пытанне лексічнай размаітасці (і магчымасці выбару новых «старых» сродкаў) беларускай мовы пакуль яшчэ недастаткова асэнсавана — калі не ў беларускай лінгвістыцы, то ў асяроддзі найбольш актыўных карыстальнікаў беларускай мовы напэўна. Дыскусіі пра тое, якое слова найлепш ужыць для абазначэння той або іншай рэаліі, таго або іншага панятку, не спыняюцца — і слоўнік, у якім акумуляваны вельмі значныя і ў ладнай меры малавядомыя лексічныя рэсурсы беларускай мовы, можа стаць добрай дапамогай у высвятленні многіх спрэчных пытанняў.

Сяргей Запрудскі

 

АД КАРЭКТАРА:

Пры падрыхтоўцы слоўніка былі вытрыманыя наступныя прынцыпы.

Правапіс словаў уваходнай (расійскай) часткі прыведзены ў адпаведнасьць з сучаснымі нормамі расійскай мовы. У асноўны корпус слоўніка ў гэтым выданьні ўлучаныя слоўнікавыя артыкулы з «Дадаткаў» арыгіналу.

У беларускай частцы захаваны правапіс арыгінальнага выданьня. Да сучасных правапісных нормаў беларускай мовы прыведзена напісаньне часьціцаў, прыметнікаў і прыслоўяў разам, асобна ці праз злучок (напрыклад: да спадобы, дзе-б, папанску, што-год, за панібрата, ваеннапалявы — у арыгінале і даспадобы, дзе б, па-панску, штогод, запанібрата, ваенна-палявы ў гэтым выданьні); апроч таго, былі выпраўленыя яўныя памылкі друку. Канструкцыі падобны на / падобны да былі ўніфікаваныя да падобны да. Варыянты словаў, у адрозьненьне ад першага выданьня, падаваліся ў дужках цалкам (напрыклад: старá(э)ннасьць — старáннасьць (старэннасьць)). Пры адрозным напісаньні аднолькавых словаў у арыгінале гэтае выданьне падае такія выпадкі як варыятыўныя (напрыклад: дмухаць (дзьмухаць)). Некаторыя граматычныя формы выпраўленыя ў адпаведнасьці з нормамі беларускае мовы (напрыклад: божжа — божая, каменьні — каменьне). Захаваны спосаб падачы дзеясловаў трывальнымі парамі, дзе першым стаіць дзеяслоў незакончанага трываньня (напрыклад: замещать /заместить — замяшчáць / замясьцíць; заступáць / заступíць). У арыгінальным выданьні націскны “і” пазначаўся з дапамогаю курсіўнага шрыфту, у цяперашнім ужыты знак націску. Расстаўленыя націскі ў выпадку іх адсутнасьці ў першым выданьні, калі яны зьяўляюцца няспрэчнымі ці ўзнаўляльнымі з матар’ялу слоўніка, пры гэтым адлюстроўвалася акцэнталагічная дублетнасьць арыгіналу. Заўсёды націскным зьяўляецца «ё». Націскнымі ёсьць «о», «э», графічна націск адлюстроўваецца толькі ў выпадках іх спалучэньня ў лексеме (напрыклад: кóдэкс). У складаных словах як правіла падаецца толькі асноўны націск (напрыклад: доўгатэрмінóвы). У часе падрыхтоўкі ўлічваўся складзены аўтарамі сьпіс «Паправак і памылак».

Марына Салавей

Copyright MAXXmarketing Webdesigner GmbH